Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/227

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Я даў слова. Дрэвы ведаюць, рэчка ведае. Пакуль Дхолы не знікнуць, слова мае застанецца.

— Нгшш! Гэта змяняе ўсе сляды. Я думаў быў узяць цябе з сабою ў Паўночныя Балоты, але Слова, нават Слова маленькага, голага, безвалосага Чалавечка — застанецца Словам. Дык вось я, Каа, кажу...

— Падумай, Плоскагаловы, добра, перш чым увязацца ў гэты Клубок Смерці. Мне ад цябе слова не трэба, бо я і так ведаю...

— Хай будзе так, — сказаў Каа. — Слова я не даю. Але што ж ты думаеш рабіць, калі Дхолы прыдуць?

— Яны павінны пераплысці Вайнгунгу. Я хацеў сустрэць іх на мялізне. Са мной будзе нож, а ззаду ад мяне — Зграя. Мы можам пагнаць іх уніз па рацэ і крыху ахалодзіць ім глоткі.

— Дхолы не зварочваюць з свайго шляху, і глоткі ў іх заўсёды гарачыя, — адказаў Каа. — А калі скончыцца гэтае паляванне, дык не будзе ўжо ні Чалавечага Дзіцяці, ні воўчых шчанят, а будуць толькі сухія косці.

— Алала! Што ж, паміраць, дык паміраць! Затое ж і паляванне будзе! Лепшага плана я не мог выдумаць: я яшчэ малады, і мала бачыў Дажджоў. Можа ў цябе ёсць лепшы план, Каа?

— Я бачыў сотню і яшчэ сотню дажджоў. Мой след быў вялікі яшчэ да таго часу, як у Хаці выраслі малочныя зубы. Клянуся Першым Яйкам, я старэйшы за многія дрэвы і бачыў усё, што рабілася ў Джунглях.

— Але-ж гэта новае паляванне! — сказаў Маўглi. — Ніколі яшчэ Дхолы не перасякалі нашага следу.