Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/226

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— А цяпер гэты самы Чалавечак прыходзіць да гэтага самага Плоскагаловага з ліслівымі словамі, называе яго і мудрым, і дужым, і прыгожым, а гэты самы Плоскагаловы верыць таму Чалавеку, што шпурляе каменні, і яшчэ гэты самы Плоскагаловы нават нарыхтоўвае яму ўтульнае месцейка, вось гэтак... Ну, што, добра цяпер табе сядзець? Ці магла б Багіра зрабіць табе такі добры ложак?

Каа, як заўсёды, зрабіў з свайго цела нібы мяккі гамак для Маўглі. Хлопчык намацаў у цемры шыю Каа, палажыў галаву яго сабе на плячо і расказаў пра апошнія падзеі ў Джунглях.

— Можа я і мудры, — сказаў Каа — але ж я і глухі, бо не чуў "фіэл". Цяпер я разумею, чаму траваедныя сёння такія неспакойныя. Колькі іх, Дхолаў?

— Я іх яшчэ не бачыў, бо адразу ж пабег да цябе. Вось будзе выдатнае паляванне, Каа! — і Маўглі аж закруціўся ад радасці. — Мала хто з нас убачыць наступны месяц!

— Ты таксама прымаеш у гэтым удзел? Памятай, што ты Чалавек, — і памятай, што Зграя выгнала цябе. Хай сабе ваўкі змагаюцца з сабакамі. Ты — Чалавек!

— Леташнія арэхі сёлета ператварыліся ў чорную зямлю, — сказаў Маўглі: — Гэта праўда, што я — Чалавек. Але ў гэтую ноч я абвясціў, што я — Воўк. Я запрасіў у сведкі раку і дрэвы. Я сын Вольнага Племя, Каа, да таго часу, пакуль Дхолы не загінуць.

— Вольны Народ! — насмешліва сказаў Каа. — Вольныя Злодзеі! І ты звязаў сябе Вузлом Смерці дзеля мёртвых Ваўкоў? Нядобрае гэтае паляванне!