Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/225

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

хай падрыхтуюць усё да бою. Я пайду лічыць сабак.

— Ды гэта ж пэўная смерць? — закрычаў Вантола. — Што можа зрабіць гэты Безвалосы супроць Рудых Сабак? Нават Паласаты, як вы ведаеце...

— Ды ты, як я бачу, сапраўдны Самотнік! — крыкнуў у адказ Маўглі. — Але мы пагаворым, калі Дхолы будуць пазабіваныя. Добрага Палявання вам усім!

Ён пабег у цемру, не гледзячы сабе пад ногі, і праз некалькі часу заблытаўся нагамі ў нечым мяккім і паваліўся на... груду кольцаў Каа! Пітон ляжаў у засадзе ля сценкі, па якой алені хадзілі на вадапой.

— Кссшш! — гнеўна крыкнуў Каа. — Што гэта за парадкі такія — таптаць народ і псаваць начное паляванне, і акурат тады, калі дзічына так добра ідзе?

— Выбачай! — сказаў Маўглі, устаўшы на ногі. — Ды я ж цябе і шукаў, Плоскагаловы! Але кожны раз, калі мы сустракаемся, ты робішся даўжэй і шырэй на цэлую маю руку. Нікога няма ў Джунглях лепшага за цябе, о мудры, стары, дужы і харошы Каа!

— Але куды ж вядзе цябе след? — сказаў Каа лагодней. — Яшчэ месяца не мінула, як Чалавек з нажом шпурляў у мяне каменнем і лаяў рознымі дрэннымі словамі, нібы тую малую дрэўную кошку. І ўсё гэта толькі за тое, што я заснуў на палянцы.

— Так, і распудзіў усю дзічыну. Кожны алень, якога я выганяў, уцякаў, як шалёны, убачыўшы вось гэтага Плоскагаловага. А ён быў надта глухі, каб пачуць лай, свіст і адпаўзці ў бок, — спакойна казаў Маўглі, сядаючы на стракатыя кольцы змяінага тулава.