Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/224

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ты не ведаеш Дхолаў, о Чалавек з мовай ваўка! — ускрыкнуў Вантола. — Я хацеў бы толькі заплаціць ім мой доўг крыві раней, як яны раздзяруць мяне на шматкі. Яны паволі рухаюцца наперад, але праз пару дзён мая сіла вернецца да мяне і я пачну плаціць свой доўг крыві. А вам, Вольнае Племя, мая парада: ідзіце на поўнач, ешце меней, пакуль Дхолы пройдуць. У гэтае паляванне не будзе сну.

— Слухай ты, Самотнік! — крыкнуў Маўглі са смехам. — Выходзіць, што Вольнае Племя павінна пайсці на поўнач і жывіцца яшчаркамі і пацукамі, каб не сустрэцца з Дхоламі? А Дхол будзе нішчыць нашу дзічыну, пакуль мы будзем хавацца на поўначы і пакуль яму самому не прыйдзе ў галаву пакінуць нашу зямлю? Ды яны нават і не сабакі, а шчаняты! Поўсць ў іх рыжая, бруха жоўтае і ў іх родзіцца па шэсць і нават па восем шчанят, нібы ў якога-небудзь маленькага пацука Чыкая. Яны не жывуць у логавах, як мы, а між пальцаў у іх растуць валасы! Вядома нам, Вольнаму Племю, трэба ўцякаць ад іх і прасіць ласкі ў паўночных пляменняў, каб яны кінулі нам вантробы здохлай скаціны! О, Вольнае Племя! Памятайце, што мы — гаспадары Джунгляў. Гэта будзе адмысловае паляванне. За ўсю Зграю, за кожнага з нашых таварышоў, за логава, за малое, слабенькае шчаня! На бой! На бой! На бой!

Зграя адказала аглушальным брэхам, які загрукатаў уначы, як трэск зламанага дрэва:

— Прымем бой!!

— Заставайцеся тут, — сказаў Маўглі сваім чатыром братам. — Нам патрэбны кожны лішні зуб. Фао і Акела