Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/223

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

няўхільна ідуць і ідуць наперад, усё знішчаючы на сваім шляху.

Акела таксама ведаў Дхолаў і, звярнуўшыся да Маўглі, спакойна сказаў:

— Гэта будзе добрае паляванне і... апошняе для мяне. Але лепш памерці разам з усёй Зграяй, як аднаму. А ты, Браток, як Чалавек, будзеш жыць яшчэ многа дзён і начэй. Ідзі на поўнач і заляг там. І калі застанецца жывым пасля Дхолаў хоць адзін воўк, ён прынясе табе весткі пра вялікі бой.

— Значыцца, мне трэба пайсці ў балота, лавіць рыбак і спаць на дрэвах, ці прасіць дапамогі ў Бандар-Лога ды есці арэхі ў той час, як мая Зграя будзе біцца ўнізе? — сурова сказаў Маўглі.

— Гэта будзе бойка насмерць, — сказаў Акела. — Ты ж ніколі не сустракаўся з Дхоламі, Рудымі Забойцамі. Нават Паласаты...

— Аоуа! Аоуа! — насмешліва сказаў Маўглі. — Я забіў аднаго разу паласатую малпу... Слухайце-ж цяпер, што я скажу вам усім! Быў ў мяне Воўк Бацька і была Ваўчыха Маці, і быў яшчэ стары-стары сівы воўк (не вельмі разумны: ён цяпер белы), які замясціў для мяне маці і бацьку. Таму я... і ён узмоцніў голас, — я кажу, што калі прыдуць Дхолы, то Маўглі і Вольнае Племя — адзіны народ для гэтага палявання! І клянуся Быком, што выкупіў мяне, Быком, якiм Багіра заплаціла за мяне ў тыя дні, якія Зграя цяпер не памятае, — я кажу, і хай дрэвы і рака слухаюць і ўпомняць, калі я забудуся! — я кажу, што вось гэты мой нож будзе зубам для Зграі, а ён не тупы! Я сказаў сваё слова!