Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/222

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Я аддзякую за гэта, — сказаў ён, сцішыўшы першы голад. — Дайце мне крыху ачуняць, Вольнае Племя, і я таксама буду біцца. Апусцела маё логава, якое на маладзік было поўнае, і я не выплаціў яшчэ свайго крывавага доўгу.

Фао пачуў, як тоўстыя косці трашчаць пад зубамі госця, і задаволена буркнуў.

— Нам спатрэбяцца гэтыя сківіцы. А ці ідуць з Дхоламі шчаняты?

— Не, не! Усё дарослыя сабакі свайго племя, дужыя рудыя паляўнікі.

Гэта азначала, што Дхолы, дзікія сабакі Дэканскага плоскаўзвышша, ідуць з боем, а ваўкі добра ведалі, што нават тыгр саступае дарогу Дхолам. Яны рухаюцца проста па Джунглях і раздзіраюць на шматкі ўсіх, хто сустрэнецца па дарозе. Хоць яны напалову меншыя і дурнейшыя за ваўкоў, але вельмі дужыя і шматлікія. Яны лічаць сябе зграяй толькі тады, калі іх збярэцца не менш за сотню, а ў ваўкоў ужо сорак лічыцца вялікай зграяй.

У часе сваіх вандраванняў Маўглі падыходзіў і да стэпавых узвышшаў Дэкана, і не раз бачыў, як гэтыя сабакі спалі ці гулялі, або чухаліся ў лагчынах, дзе яны робяць сабе логавы. Ён ненавідзеў і гідзіўся іх за тое, што яны пахнуць не так, як Вольнае Племя, за тое, што яны не жывуць у пячорах, а больш за тое, што ў іх расце поўсць паміж пальцаў у той час, як ногі ў яго і ў яго сяброў былі чыстыя. Але ён ведаў ад Хаці, якая страшная і небяспечная зграя Дхолаў. Сам Хаці саступае ім дарогу, i пакуль iх усiх не пазабiваюць ці пакуль не знікне ўся дзічына, яны