Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/221

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Добрага Палявання! Якой Зграі? — важна спытаўся Фао!

— Добрага Палявання! Я — Вантола, — быў адказ. Ён хацеў сказаць, што ён Воўк-Самотнік, які самастойна змагаецца за сябе, сваю ваўчыху і сваіх дзяцей. "Вантола" азначае "адшчапенец", які жыве "на водшыбе".

— Хто наступае? — спытаўся Фао.

— Дхолы, Дхолы, забойцы з Дэкана! Яны прыбеглі на поўнач з поўдня і кажуць, што спустошылі ўвесь Дэкан, што ўсіх забілі па дарозе. Калі гэты месяц быў яшчэ малады, са мной было чацвёра — мая ваўчыха і трое шчанят. Яна навучала іх паляваць у траве, хавацца ў засадзе ад аленяў, як робім мы ўсе, жыхары раўнін. У поўначы яшчэ чуў, як усе яны вылі, патрапіўшы на след дзічыны, а раніцою знайшоў іх усіх мёртвымі. А іх было чацвёра, Вольнае Племя! Іх было чацвёра на маладзік! Тады я пагнаўся за Дхоламі, каб заплаціць доўг крыві.

— Колькі іх? — спытаўся Маўглі, а Зграя глуха зарыкала.

— Не ведаю. Трох я забіў, а рэшта кінуліся на мяне і пагналі, як аленя. І я ўцякаў ад іх, бег на трох нагах, Вольнае Племя. Паглядзіце!

Ён працягнуў сваю скрываўленую нагу, чорную ад крыві. Горла яго было пакусанае, бок быў пакрыты страшнымі ранамі.

— Падмацуйся! — сказаў Акела і адсунуўся ад аленяціны, што прынёс яму Маўглі.

Вантола прагна накінуўся на мяса.