Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/220

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Маўглі стралой панёсся да Скалы Рады, выпераджаючы ваўкоў, што спяшаліся туды. Фао і Акела сядзелі на Скале, а пад ёю мітусіліся ўсе іншыя ваўкі Зграі. Маткі з дзецьмі спяшаліся ў свае логавы, бо калі па Джунглі разносіцца "фіэл", слабым жывёлам не месца на волі.

У цемры чулася толькі бульканне Вайнгунгі ды шум вячэрняга ветру ў верхавінах дрэў. Раптам з-за ракі данёсся голас ваўка з чужой Зграі:

— Дхол! Дхол! Дхол!...

Праз некалькі хвілін пачуўся тупат стомленых ног і паказаўся хударлявы воўк. Са скуры яго сцякала вада, бок быў скрываўлены і правая пярэдняя нага пакалечаная. Вакол рота была белая пена. Ён, запыхаўшыся, падбег да Скалы і лёг ля ног Маўглі.