Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/219

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ніхто не адважваўся савацца ў Джунглі, якія належалі Племенi Маўглі, як звалі гэтую зграю. Маладыя ваўкі гадаваліся моцнымі, тлустымі, і на Скалу Рады маткі прыносілі шмат дзяцей для агляду. Маўглі заўсёды прысутнічаў на аглядзе, бо яшчэ памятаў тую ноч, калі і ён сам быў прыняты ў Зграю. Ад працяглага клічу: "Глядзіце, добра глядзіце, о ваўкі!" яго сэрца і цяпер пачынала мацней стукаць.

Наогул жа ён больш бадзяўся па далёкіх Джунглях і ўсюды стараўся прыгледзецца, памацаць, пакаштаваць, абнюхаць усё новае, што яму траплялася.

Аднаго разу, пад вечар, ішоў ён паціху да Акелы і нёс яму палову аленя. Яго чатыры браты ішлі за ім і весела скакалі па дарозе ды куляліся. Раптам ён пачуў крык, якога не чуў з нядобрых часоў Шэр-Хана. Такі крык, які ў Джунглях завецца "фіэл", звычайна выдае шакал, калі ён палюе па слядах тыгра. І такі самы крык раздаецца, калі набліжаецца які-небудзь страшны забойца.

Калі б можна было ўявіць сябе злучэнне гукаў, якія выказваюць нянавісць, радасць, жах, роспач і здзек, дык гэта быў бы "фіэл", які цяпер узняўся, задрыжаў і сціх над Вайнгунгай.

Чацвёра ваўкоў натапырыліся і зарыкалі. Маўглі схапіўся за нож і таксама спыніўся і скамянеў.

— Ніякі Паласаты не адважыўся бы тут паляваць! — сказаў ён нарэшце.

— Гэта не крык Паласатага, — сказаў Шэры Брат. — Гэта кліч вялікага бою. Слухай.

Зноў пачуўся крык, падобны ні то да плачу, ні то да смеху, быццам у шакала былі чалавечыя вусны