Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Такім чынам Маўглі быў прыняты ў Сіанійскую Зграю ваўкоў коштам быка Багіры і добрага слова Балу.

________________________________________________

А цяпер хай чытач прапусціць дзесяць-адзінаццаць гадоў і ўявіць сабе тое дзіўнае жыццё, якое Маўглі вёў сярод ваўкоў. Каб мы захацелі апісаць гэтае жыццё, нам прышлося-б запоўніць шмат тамоў.

Ён гадаваўся разам з ваўчанятамі, хаця яны, вядома, паспелі зрабіцца дарослымі ваўкамі яшчэ ў той час, калі ён быў зусім малым дзіцём. Бацька Воўк навучаў яго сваёй справе і тлумачыў яму сэнс кожнай рэчы ў Джунглях, — пакуль шолах кожнай галінкі, кожны подых цёплага начнога паветра, нотка савы наверсе, след ад кіпця кажана, што зачапіўся для адпачынку за дрэва, і кожны плёск рыбкі ў возеры не зрабіліся яму таксама зразумелымі, як канторская работа дзелавому чалавеку.

У тыя хвіліны, калі ён не вучыўся, ён грэўся на сонейку, спаў, еў і зноў ішоў драмаць. Калі яму рабілася горача, ці здаралася запэцкацца, ён плюхаўся ў лясных азёрах. А калі яму хацелася мёду (Балу давёў яму, што мёд і арэхі таксама прыемныя на смак, як і сырое мяса), ён узбіраўся на дрэва, як навучыла яго Багіра. Багіра асцягнецца, бывала, на суку і кліча:

— Хадзі сюды, Браток!

Спачатку Маўглі лазіў нібы ціхаход, але хутка пачаў лётаць між галін бадай таксама, як шэрыя малпы.