Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Сонца спаліць яго. Якую шкоду можа нам зрабіць голая жаба? Хай сабе бегае ў Зграі! Дзе бык, Багіра? Хай яго прымуць...

Усіх заглушыла выццё Акелы:

— Глядзіце-ж, добра глядзіце, о Ваўкі!

Маўглі так захапіўся сваімі каменьчыкамі, што нават не заўважыў, як ваўкі па чарзе падыходзілі і разглядалі яго. Нарэшце ўсе яны спусціліся з узгорка і падышлі да мёртвага быка.

Засталіся толькі Акела, Багіра, Балу і "бацькі" Маўглі. А Шэр-Хан рыкаў у цемры ад злосці, што яму не аддалі Маўглі.

— Раві сабе, — прамармытала Багіра ў вусы — прыйдзе час, калі гэтае голае стварэнне прымусіць цябе раўсці на іншы манер, ці-ж я не ведаю людзей?

— Зроблена добрая справа, — прамовіў Акела. — Людзі і дзеці іхнія вельмі разумныя. Прыйдзе час, калі ён будзе нам у дапамогу!

— Сапраўды ў дапамогу ў цяжкі час; бо ніхто не можа спадзявацца, што ён будзе да смерці кіраваць Зграяй, — сказала Багіра.

Акела не адказаў. Ён думаў пра той час, які прыходзіць для кожнага правадыра Зграі, калі сілы яго вычэрпваюцца, калі ён усё болей слабее, пакуль, нарэшце, яго забіваюць ваўкі і прызначаюць новага правадыра, які ў свой чарод гіне таксама...

— Бярыце яго, — звярнуўся ён да Бацькі Ваўка, — і выхавай так, як належыць сыну Вольнага Племя.