Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/212

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Гэта зноў зроблена бамбуком, — сказаў Маўглі. — Глядзі, вунь гэты белы пыл ядуць людзі. Яны адабралі ежу ў таго чалавека, які нёс яе, а яго самога аддалі на здабычу Каршуну-Чылю.

— Гэта ўжо трэці! — сказала Багіра.

— Абавязкова занясу Дзеду Кобру тлустых жаб і накармлю яго! — мармытаў сам сабе Маўглі. — Слановы крывасмок — сама Смерць! Але я ўсё яшчэ не разумею, у чым справа...

— Ідзем далей! — сказала Багіра.

Не прайшлі яны і поўмілі, як пачулі гругана Ко, які спяваў хаўтурную песню на верхавіне тамарыска, пад якім ляжалі тры трупы. Ад вогнішча яшчэ ішоў дымок; над ім на жалезнай блясе ляжаў абгарэлы кавалак цеста. А побач яскравіўся на сонцы бірузова-рубінавы анк.

— Спрытна працуе гэтая штука! — прамовіла Багіра. — Але ўсё скончылася. Толькі не разумею, як памерлі гэтыя. На іх няма ніякага знаку.