Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/210

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

я цяпер шкадую, што здзекваўся з цябе! Дзед Кобр, відаць, добра ведае гэтую пароду. Ды і я павінен быў бы лепш ведаць яе. Але ж ці не казаў я, што людзі забіваюць дзеля пацехі?

— Так, яны зрабілі забойства дзеля чырвоных і сініх каменьчыкаў, — адказала Багіра. — Я ж ведаю, я жыла ў каралеўскіх клетках у Удэйпуры.

— Раз, два, тры, чатыры сляды! — казаў Маўглі, схіліўшыся над попелам. — Чатыры сляды людзей з падкаванымі нагамі. У абутку яны ходзяць не так шпарка, як гонды. Але што дрэннае зрабіў ім маленькі лясны жыхар? Глядзі, яны гутарылі ўпяцёх перад тым, як забіць яго. Багіра, пойдзем назад! У мяне баліць сэрца. Яно скоча ўва мне, нібы гняздо івалгі на канцы галінкі.

— Кепскі ж з цябе паляўнік, калі кідаеш дзічыну