Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— О, Акела, і вы, Вольнае племя! — закурныкала яна. — Я не маю права ўдзельнічаць у вашым сходзе. Але Закон Джунгляў кажа, што калі ўзнікне сумненне аб новым дзіцяці, — калі справа ідзе не аб забойстве, — то жыццё гэтага дзіцяці можа быць куплена за пэўную плату. А Закон не вызначае, хто можа і хто не можа прапанаваць гэтую плату. Ці праўду я кажу?

— Правільна! Верна! — падхапілі маладыя ваўкі, якія заўжды адчуваюць голад. — Слухайце Багіру. Дзіцянё можа быць куплена за плату. Такі Закон!

— Не маю права гаварыць тут, прашу вашага дазволу.

— Кажы! — гаркнула дваццаць галасоў.

— Забіваць голае дзіцянё — ганебна. Апрача таго можа здацца, што ён будзе карысны для вас, калі вырасце. Балу казаў на яго карысць. Да слоў Балу я дадам быка, і вельмі тлустага, толькі што забітага за поўмілі адсюль, — калі толькі вы прыміце Чалавечае Дзіцянё ў Зграю паводле Закону. Ці-ж гэта цяжка?

Дзесяткі галасоў ускрыкнулі:

— Ніякай бяды няма! Усёроўна ён памрэ ад зімовых дажджоў.