Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Паводле Закону Джунгляў, калі ўзнікнуць спрэчкі, ці прыняць шчаня ў Зграю, за яго павінна быць падана прынамсі два галасы членаў Зграі, але толькі не бацькоў.

— Хто кажа за Дзіцянё? — спытаўся Акела. — З Вольнага Племя хто кажа?

Адказу не было, і Маці Ваўчыха падрыхтавалася да апошняй (яна гэта ведала) сваёй бойкі, калі-б справа да гэтага дайшла.

Тады выступіў стары Балу, санлівы руды мядзведзь, адзіны чужы звер, які быў дапушчаны ў Племянную Раду. Ён навучаў ваўчанят Закону Джунгляў і ўсюды бадзяўся, бо жывіўся толькі арэхамі, карэннямі і мёдам. Балу стаў на заднія лапы і зарыкаў:

— Чалавечае Дзіцянё! Чалавечае Дзіцянё! Я стану за Чалавечае Дзіцянё! Ён не зробіць нам шкоды. Я не ўмею красамоўна казаць, але кажу праўду! Хай ён бегае ў Зграі і ўвойдзе ў яе разам з іншымі. Я сам бяруся яго выхоўваць.

— Нам патрэбен яшчэ адзін голас, — прамовіў Акела, — Гаварыў Балу, а ён настаўнік нашай моладзі. Хто апрача Балу?

Чорны цень лёг сярод кола. Гэта была Багіра, горная пантэра — чорная, як чарніла, з уласцівымі пантэры адценнямі, бліскучымі, як муаравая тканіна. Усе ведалі Багіру і ніхто не адважыўся станавіцца ёй поперак дарогі, бо яна была хітрая, як Табакі, смелая, як дзікі буйвал, і нястрымная, як паранены слон. Але голас яе быў салодкі, як дзікі мёд, што капае з дрэва, а поўсць мякчэй за пух.