Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/198

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Клянуся багамі Сонца і Месяца, хлопчык зусім ашалеў, — прашаптала Кобра. — Ну, пакуль ты назаўсёды закрыеш вочы, я зраблю табе ласку. Глядзі ж і ўбачыш тое, чаго не бачыў аніводзін чалавек!

— Дрэнна бывае ў Джунглях тым, хто адважваецца "рабіць ласку" Маўглі, — прамармытаў Маўглі. — Але, відаць, цемра збівае з панталыку. Ну, добра! Калі табе так хочацца, я пагляджу.

Прыплюшчыўшы вочы, Маўглі пачаў аглядаць склеп, і, нарэшце, падняў жменю нейкіх бліскучых штучак.

— Ого! — сказаў ён. — Гэта нібы тыя цацкі, з якімі гуляюць у Чалавечай Зграі! Толькі там рудыя, а тут жоўтыя.

Ён кінуў залатыя манеты і пайшоў далей. Падлога на метр вышыні была засыпана залатымі і срэбнымі манетамі, якія проста высыпаліся з мяшкоў на зямлю. За доўгія гады метал асеў і сціснуўся, нібы пясок у часе адліву. І як абломкі карабля на пяску, тут вытыркаліся палаткі для сланоў, абабітыя тоўстым золатам і ўпрыгожаныя карбункуламі і бірузой. Тут былі і паланкіны для царскіх жонак, аздобленыя срэбрам і эмаллю, залатыя падсвечнікі, абвешаныя смарагдамі, якія калыхаліся і звінелі; срэбныя статуі багоў з дарагімі каменнямі заместа вачэй; сталёвыя панцыры з залатой насечкай і дробнымі пачарнелымі перламі; лакіраваныя шчыты з чарапахі і насарогавай скуры, акаваныя чырвоным золатам і аблямованыя смарагдамі; шлемы з чырвонымі, як кроў, рубінамі; цэлыя кучы ўтыканых брыльянтамі мячоў, кінжалаў, паляўнічых нажоў; залатыя каўшы, царкоўныя чашы і алтары;