Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/199

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

кубкі і бранзалеты з нефрыта; пукатыя залатыя збаны; пярсцёнкі для носа і для рук, павязкі для галавы, грэбні, паясы і безліч усялякіх дарагіх цацак. Ад струхлелых драўляных куфраў засталіся толькі жалезныя рэбры, праз якія высыпаліся неапрацаваныя шафіры, апалы, тапазы, рубіны, дыяманты, смарагды, гранаты.

Белая Кобра казала праўду. Ніякімі грашыма нельга было ацаніць усе гэтыя багацці, якія на працягу стагоддзяў сабіраліся войнамі, грабежніцтвам, гандлем і эксплуатацыяй. Адных толькі манет было дзвесце-трыста тон, не кажучы ўжо пра дарагія камяні і іншыя рэчы.

Індускія князькі, нават самыя бедныя, і да гэтага часу маюць звычай збіраць і захоўваць золата, срэбра і дарагія каменні. Часам хто-небудзь з іх, больш "цывілізаваны", пасылае сорак ці пяцьдзесят вазоў срэбра для абмену на валюту, але большасць свайго скарбу хавае ў натуры.

Маўглі, вядома, не разумеў значэння гэтых рэчаў. Зацікавілі былі яго нажы, але яны здаліся яму горшымі за яго ўласны, і ён кінуў іх.

Нарэшце ён знайшоў цікавы прадмет, які ляжаў спераду ў слановай палатцы-сядле. Гэта быў так званы "анк", які ўжываецца для кіравання і паганяння сланоў. Ён быў больш за поўметра даўжынёю і па сваёй форме зусім падобны да нашага багра. На канцы яго яскравіўся круглы рубін, далей на трэцюю частку даўжыні анк быў асыпаны бірузой, потым быў нефрытавы абадок са смарагдавымі лісточкамі і рубінавымі кветкамі. Далей ішоў стрыжань з