Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/197

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

чым справа: абавязкова здарыцца якая-небудзь бяда!

— За час маёй варты камень падымалі пяць разоў, але толькі для таго, каб кінуць яшчэ багаццяў, і ніводнага разу для таго, каб узяць. На свеце няма іншых падобных багаццяў, тут багацці сотні цароў, Але апоіцні раз камень падымалі даўно, вельмі даўно, і я думаю, што горад мой забыўся на мяне.

— Горада няма! Зірні, вунь корані вялізных дрэў, якія крышаць камні. Людзі і дрэвы не растуць разам! — запэўняў Каа.

— Два ці тры разы людзі забіраліся сюды, — гнеўна адказала Кобра, — але яны маўчалі, пакуль я не дакраналася да іх у цемры, і тады яны ўсе толькі ўскрыквалі. А вы, Змей і Чалавек, прыходзіце сюды з хлуснёй на вуснах і хочаце ўпэўніць мяне, што майго горада няма і варце маёй прыйшоў канец! Людзі мала змяняюцца праз гады, а я не змяняюся ніколі. Пакуль не падымуць камня і не прыдуць браміны з песнямі, і не напояць мяне цёплым малаком, і не выпусцяць мяне ў свет, — я, я, і ніхто іншы! — буду вартаўніком царскіх багаццяў. Горад загінуў, кажаце вы? У такім разе паспрабуйце ўзяць, што вам спадабаецца. Чалавек са змяінай мовай, калі ты здолееш жывым выйсці адсюль тым шляхам, якім прайшоў, — тады цары будуць служыць табе!

— Зноў згубіўся след! — спакойна прамовіў Маўглі.

— Няўжо сюды мог забрацца шакал і пакусаць Вялікага Белага Каптура? Ён пэўна звар'яцеў. Дзед Кобр, я не бачу тут нічога такога, што можна было б узяць!