Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/196

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Над нашай галавою — Джунглі, — адказаў Маўглі, — а з сланоў я ведаю толькі Хаці і яго трох сыноў. Багіра перадушыла ўсіх коней у вёсцы... А што такое "цар"?

— Я ж казаў табе, — ласкава звярнуўся Каа да Кобры, — я ж казаў чатыры месяцы назад, што горада твайго няма.

— Горад, вялізны горад, брамы якога ахоўваюцца вежамі — ніколі не можа знікнуць! Яго пабудавалі яшчэ да таго, як бацька майго бацькі вылупіўся з яйка, і ён будзе існаваць, пакуль сыны маіх сыноў пабялеюць таксама, як я. Самандхі сын Чандрабінджы, сын Віенджы, сын Егасуры пабудаваў яго ў часе Бапа-Равал. А вы — чыя скаціна?

— Мы згубілі след, — звярнуўся Маўглі да Каа. — Я не разумею, што ён кажа.

— І я таксама. Ён вельмі стары. Дзед Кобр, тут толькі Джунглі, якія існавалі спрадвеку!

— Але хто ж ён, — сказала Белая Кобра, — які стаіць перада мной і не баіцца мяне, які не ведае імя цара і гаворыць чалавечым языком? Хто ён, з нажом і змяінай мовай?

— Мяне завуць Маўглі. Я з Джунгляў. Ваўкі маё Племя, а Каа — мой брат. Дзед Кобр, хто ты такі?

— Я — вартаўнік царскай скарбніцы. Курун-раджа пабудаваў гэтае скляпенне нада мной у тыя часы, калі скура мая была цёмная, каб я караў смерцю ўсіх, хто прыйдзе сюды красці. Яны апусцілі сюды багацці, і я чуў спевы брамінаў, уладароў маіх.

— Гм!.. — прамармытаў Маўглі. — Я ўжо меў справу з адным брамінам у Чалавечай Зграі і ведаю, у