Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/195

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Пячорах: яны паразыходзіліся па ўсіх Джунглях, а ў зруйнаваным горадзе было ціха і пустынна.

Каа дабраўся да царскага павільёна, адшукаў сярод смецця напалову разбураныя сходкі і папоўз уніз па ступенях. Маўглі выгукнуў змяіны кліч "Мы адной крыві з вамі!" і палез за змеем ракам. Яны паўзлі досыць доўга, не раз заварочвалі ў бакі і, нарэшце, дабраліся да месца, дзе корань дрэва расшчапіў сцяну. Яны пралезлі праз шчыліну і апынуліся ў вялікім падзямеллі. Круглы купал над ім таксама быў пашчэплены карэннямі дрэў, і праз шчыліны крыху праходзіла святла.

— Добрае логава! — сказаў Маўглі, устаўшы на ногі. — Толькі далекавата, каб хадзіць сюды кожны дзень. Але штосьці я нічога не бачу.

— А ці-ж я нічога? — пачуўся голас з глыбіні падзямелля.

Нешта белае заварушылася ў змроку, і перад Маўглі з'явілася велізарнейшая Кобра, якіх ён ніколі і не бачыў. Яна мела метры са тры даўжыні і зрабілася белай таму, што заўсёды жыла ў цемры. Скура яе зрабілася падобнай да слановай косці і нават акулярныя знакі на распушчаным каптуры былі бледна-жоўтыя. Вочы змяі чырванелі, як рубіны.

— Добрага Палявання! — далікатна прывітаўся Маўглі.

— Што чуваць ў горадзе? — спыталася Белая Кобра заместа адказу. — У горадзе Цара Дваццаці Цароў, з вялізнымі сценамі навакол, у горадзе, які мае сто сланоў, дваццаць тысяч коней і безліч скаціны? Я тут аглохла і даўно ўжо не чую ваенных барабанаў.