Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/190

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

купання мудрага змея. Гэта была глыбокая чорная сажалка, аточаная скаламі і цёмнымі дрэвамі. Як усе жыхары Джунгляў, Маўглі вельмі ціха кінуўся ў ваду: і даў нырца, потым таксама ціха вынырнуў і лёг на спіну; тады падлажыў рукі пад галаву і пачаў пазіраць, як месяц асвятляе скалы і адбіваецца ў вадзе; час ад часу ён прабаваў нагамі разбіць гэты адсвет у вадзе. Чатырохвугольная галава Каа, як брытва, разрэзала ваду, і лягла на плячо Маўглі. Так удвух моўчкі ляжалі яны ў халоднай вадзе.

— Ах, як хораша! — млява прамовіў, нарэшце, Маўглі. — Я памятаю, як Чалавечая Зграя ў гэты час лажылася на цвёрдыя кавалкі дрэва ў нейкай глінянай пастцы. Яны зачынялі ўсе прадухі, нацягвалі на галаву бруднае рыззё і спявалі праз нос паскудныя песні. Куды лепш у Джунглях!

Кобра хуценька слізганула пад каменне, напілася, пажадала ім Добрага Палявання і папаўзла прэч.

— С-с-с! — схамянуўся Каа, нібы ўспомніўшы нешта, — Значыцца, Джунглі даюць табе ўсё, чаго ты хочаш, Братка?

— Не ўсё, — са смехам адказаў Маўглі, — я б хацеў, напрыклад, кожны месяц забіваць новага магутнага Шэр-Хана. Цяпер я здолеў бы забіць яго ўласнымі рукамі, без дапамогі буйвалаў. Апрача таго я хацеў бы, каб сонца ззяла ў часе дажджоў, а ў часе летняй спякоты дажджы засланялі сонца. Потым, калі я бываю галодны, я хачу забіць казу, а як толькі заб'ю казу, дык мне шкода, што гэта не алень, а калі заб'ю аленя, дык ужо шкадую, што гэта не нільгай. Але гэтак, мусіць, з усімі намі бывае.