Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/189

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З такім жа поспехам ён мог бы паспрабаваць падняць поўметравую вадаправодную трубу. Каа нерухома ляжаў і соп ад задавальнення.

Потым пачалася іх звычайная вячэрняя гульня: хлопчык у бляску сваіх маладых сіл і пітон у бліскучай новай скуры выпрасталіся адзін супроць аднаго і пачалі дужацца. Вядома, каб толькі Каа захацеў, ён мог бы раздушыць тузін такіх Маўглі; але ён гуляў асцярожна, не ўжываючы і дзесятай долі сваёй моцы. Яшчэ раней, калі хлопчык падужэў настолькі, што мог вытрымаць тумакі, Каа навучыў яго гэтай гульні і яна значна ўзмацніла мускулы Маўглі. Часам Каа абкручваў Маўглі да самай шыі, і хлопчык стараўся вызваліць руку, каб ухапіць змяю за горла. Каа крыху паддаваўся, а хлопчык намагаўся ўшчапіць абодвума нагамі канец хваста, які трымаўся за камень ці пень. У такім стане яны круціліся нібы віхор, сярод якога мільгалі чорна-жоўтыя кольцы і смуглыя рукі і ногі.

— Ну, ну, ну! — казаў Каа, так спрытна ўдараючы галавой, што Маўглі ледзь паспяваў адхіляць удары. — Глядзі, вось я стукаю цябе тут, Братка, і тут, і вось тут, — а ты што стаіш, як пень! Во і зноў!

Гульня кожны раз канчалася добрым ударам, ад якога хлопчык ляцеў некалькі метраў. Маўглі аніяк не мог падпільнаваць і папярэдзіць гэты момант, а Каа казаў, што нават не варта і спрабаваць, бо нічога з гэтага не выйдзе.

— Добрага Палявання! — са смехам сказаў Каа, калі Маўглі куляўся ад апошняга ўдару.

Потым яны разам пайшлі да любімага месца