Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/191

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— А іншых жаданняў у цябе няма? — дапытваўся Каа.

— Чаго ж мне яшчэ жадаць? Са мной Джунглі і ласка Джунгляў. Няўжо ж ёсць яшчэ што-небудзь больш прывабнае між Усходам і Заходам сонца?

— Кобра неяк казала... — пачаў Каа.

— Якая Кобра? Тая, што тут была і слова не сказала? Яна палявала.

— Я кажу пра другую.

— Навошта ты звязваешся з Атрутным Племем? Хай яны ідуць сваім шляхам. У пярэдніх зубах сваіх яны носяць Смерць, і гэта нядобра. Яны ж такія малыя! Але з якім жа ты Каптуром размаўляў?

Каа ціха калыхаўся ў вадзе з боку на бок, нібы карабель у моры.

— Тры ці чатыры месяцы назад, — пачаў ён, — я паляваў у Халодных Пячорах (ты, пэўна, памятаеш гэтае месца?). Стварэнне, на якое я паляваў, з крыкам пабегла каля басейна ў дом, які я калісьці разбурыў дзеля цябе, і схавалася пад зямлёй.

— Але-ж Племя Халодных Пячор не жыве ў норах! — перапыніў Маўглі, думаючы, што Каа гаворыць пра малпаў.

— Гэтае стварэнне там не жыло, а схавалася. Яно ўцякло ў нару, якая ішла далёка пад зямлёй. Я папоўз за ім, забіў і заснуў. Прачнуўшыся, я пасунуўся далей.

— Пад зямлёй?

— Але. Нарэшце я спаткаўся з Белым Каптуром (белая Кобра), які расказаў мне штосьці незразумелае і паказаў шмат рэчаў, якія я ніколі ў жыцці не бачыў.