Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/188

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пра жыццё пад зямлёй, пад каменнем, у кары, у пнях — усё гэта лёгка можна было б запісаць на адной самай маленькай лусачцы яго скуры.

У гэты вечар Маўглі сядзеў каля Каа і перабіраў яго стракатую парваную старую скуру. Каа лёгка абхінуў сваімі кольцамі голыя плечы Маўглі і хлопчык сядзеў нібы ў мяккім жывым крэсле.

— А твая скура прыгожая нават цяпер! — прамовіў Маўглі. — Мусіць дзіўна бачыць скуру з сваёй галавы каля сваіх ног?

— Ды ў мяне ж і ног няма! — сказаў Каа. — А калі гэта звычай усяго майго племя, то мне яно і не здаецца дзіўным. Няўжо ж табе не абрыдала твая старая каляная скура на целе?

— Калі я пачынаю гэта адчуваць, я іду купацца, Плоскагаловы. Але ўсё ж такі, калі вельмі горача, я часта шкадую, што не магу зняць скуры без болю і пабегаць без яе.

— А я і купаюся і скуру здымаю! Ну, а як табе падабаецца маё новае ўбранне?

Маўглі правёў рукой па яго вялізнай спіне ў клетачкі.

— У чарапахі скура цвярдзейшая, алё не такая прыгожая, — сказаў ён. — У жабы, маёй цёзкі, скура прыгажэй, але занадта мяккая. Твая ж скура найлепшая, нібы з пялёстак ліліі.

— Яе трэба абмыць. Новая скура не мае таго бляску ўсіх колераў, які набывае пасля першага купання. Хадзем купацца!

— Я панясу цябе, — сказаў са смехам Маўглі і пачаў падымаць сярэднюю, самую тоўстую частку цела.