Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/185

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дажджу ў жоўтае балота. Потым ён пачаў круціцца па вузкіх вуліцах, разбураючы хаты направа і налева, крышучы пад нагамі сцены, дзверы, стрэхі. Ад яго не адставалі тры яго сыны і руйнавалі ўсё таксама, як калісьці на палях Бхуртпора.

— Джунглі хутка праглынуць гэтыя шалупайкі, — пачуўся спакойны голас сярод гэтага грукату. — Цяпер трэба разбурыць сцяну, што ідзе вакол вёскі, Хаці.

І Маўглі, мокры ад дажджу, саскочыў са сцяны, якая ўжо асела, як змораны буйвал.

— Усё будзе ў свой час, — запыхаўшыся адказаў Хаці. — А ў Бхуртпоры мае біўні купаліся ў крыві! А ну, дзеткі, да сцяны! Галавой, разам — ну!

Да гэтага часу праз сцяну сяляне не маглі бачыць усяго таго, што рабілася ў вёсцы. І вось цяпер сцяна выпуклілася, развалілася — і яны з жахам убачылі раз'юшаныя, запэцканыя глінай галовы руйнавальнікаў. Страціўшы ўсё, што яны мелі, сяляне кінуліся бегчы па даліне, а вёска сярод рэву і грукату знікала з іх вачэй.

Праз месяц на яе месцы ўздымаўся няроўны ўзгорак, пакрыты маладой зялёнай травой. А пад канец дажджоў Джунглі ўжо аўладалі тым месцам, дзе ўсяго толькі поўгода назад хадзіў плуг...