Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/182

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гондаў, спаконвечных гаспадароў гэтай зямлі. Гэта былі маленькія, хітрыя і чорныя, як вугаль, людзі, якія бадзяліся па Джунглях і займаліся паляваннем.

Калі гонд прыйшоў у вёску, яго пачаставалі, чым толькі маглі, і прасілі дапамагчы ў бядзе. Гонд стаў на адну нагу, узяў у руку лук, а тры атручаныя стралы ўтыркнуў сабе ў чуб. У такім стане ён пастаяў, паглядзеў ні то спалохана ні то з пагардай на сялян і іхнія знішчаныя палі, але нічога не сказаў, Потым падняў з зямлі "карэлу" — лазіну, якая дае горкія тыквы, і завязаў ёю дзверы храма перад лупатым чырвоным ідалам. Пасля гэтага працягнуў руку ў бок Канхівары і пайшоў у свае Джунглі.

Ён лічыў, што калі выступілі Джунглі, дык наўрад ці хто можа спыніць іх, апрача белых людзей, што жывуць у Канхівары. Сяляне зразумелі, што нічога добрага ім нельга чакаць. Дзікай тыквай зарасце тое месца, дзе яны пакланяюцца свайму богу, а ім самім нічога не застаецца, як хутчэй уцякаць.

Але не так лёгка зняцца ўсёй вёскай з наседжанага месца. Людзі заставаліся ў ёй, пакуль хапала летніх кармоў, потым спрабавалі збіраць арэхі ў Джунглях, але ўсюды іх пільнавалі палаючыя вочы звяроў. Яны з'яўляліся перад людзьмі нават у поўдзень, і калі перапуджаныя сяляне хаваліся за свае сцены, то праз пяць хвілін на бліжэйшых дрэвах бачылі сляды кіпцюроў і садраную кару.

Чым больш людзі сядзелі ў сваёй вёсцы, тым смялей рабіліся дзікія звяры і без перашкод збіраліся на пашы каля Вайнгунгі. Сяляне не адважваліся правіць і вамазваць сцены апусцелых хлявоў, што