Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/180

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

што квапяцца на хлеб. Цяпер ужо аленяў ды нільгаяў ніхто не ўгаварваў: на іх націскалі драпежныя звяры і паступова прымушалі пасоўвацца бліжэй да сярэдзіны.

У цёмную ноч Хаці і яго тры сыны вышлі з Джунгляў, штурханулі хабатамі слупы мачаноў, і тыя зваліліся, як зломаная кветка. Людзі, што зваліліся разам з мачанамі, пачулі над сабой грознае рохканне сланоў. Спуджаныя ззаду алені кінуліся на вясковыя нівы, за імі рушылі свінні; што не паспелі патаптаць алені, тое папсавалі свінні. Час ад часу ваўкі рабілі трывогу сярод жывёл, і тыя пачыналі мітусіцца, кідацца ва ўсе бакі, і руйнавалі не толькі пасевы, але нават і абвадняльныя каналы.

Пад раніцу мясажэрныя звяры рассунуліся і далі жывёлам вольны праход на поўдзень. Але некаторым аленям так спадабалася паша, што яны схаваліся на дзень, каб пабаляваць яшчэ і ў наступную ноч.

Справа была зроблена. Раніцою, вышаўшы на поле, сяляне ўбачылі, што ўраджай загінуў і што ім пагражае галодная смерць. Калі выгналі на пашу буйвалаў, дык яны не знайшлі там ніякай спажывы. Тады буйвалы разбрыліся па Джунглях і далучыліся