Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/179

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У канцы гэтага перыяду невядома адкуль пайшлі па Джўнглях чуткі, што ў такой і такой даліне корм і вада надта добрыя. Свінні, якія, як вядома, гатовы ісці хоць на край свету, абы добра пад'есці, — першыя рушылі цэлымі атрадамі, штурхаючыся і сварачыся. За імі пайшлі алені, разам з імі тоўстыя нільгаі, а за нільгаямі пацягнуліся з балот дзікія буйвалы. Ішлі яны весела, пасвіліся, гулялі, пілі ваду і зноў пасвіліся. Але досыць было самага нязначнага здарэння — і яны палохаліся і кідаліся назад.

Але як толькі пачыналася трывога, абавязкова аднекуль з'яўляўся хто-небудзь такі, хто іх супакойваў. Ці іглак Сагі з весткамі, што "зусім недалёка адсюль ёсць добрая паша"; ці Манг-Упыр з вясёлым крыкам апускаўся на палянку, каб паказаць, што на ёй нічога небяспечнага няма; або Балу з поўным ротам карэнняў спакойна праходзіў каля спуджаных жывёл і рознымі прыказкамі ды жартамі накіроўваў іх на правільны шлях. Некаторыя жывёлы не адважваліся ісці далей і ўцякалі, але галоўная маса ўсё-ж такі рухаліся наперад. Драпежныя-ж зверы за гэты час сярод іх не паказваліся.

Дзён праз дзесяць становішча было такое: алені, кабаны пасвіліся колам, якое мела восем ці дзесяць міль па радыусу, а мясажэрныя звяры трымаліся вакол іх.

У цэнтры гэтага кола была вёска, а вакол вёскі даспявала збожжа, сядзелі людзі на так званых "мачанах" — плеценых з галля буданчыках, пастаўленых на чатыры высокія слупы. Тубыльцы будуюць іх, каб вартаваць збожжа ад птушак і іншых злодзеяў,