Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/178

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

мяне гэты пах. Ён пячэ мне рот. Напусці Джунглі, Хаці!

— Ах! — прамовіў Хаці. — Таксама шрам на скуры смаліў мяне, калі я руйнаваў іхнія вёскі. Цяпер я разумею. Твая вайна — наша вайна. Мы нашлем Джунглі.

І сланы зніклі. Маўглі аж дрыжаў ад злосці і нянавісці да людзей. Багіра з жахам глядзела на яго.

— Клянуся Зламаным Замком, што вызваліў мяне, — прамовіла, нарэшце, чорная пантэра, — няўжо-ж ты тое самае голае стварэнне, за якое я спрачалася ў Зграі ў тыя дні, калі ўсё было маладое? Уладар Джунгляў, не забудзься на мяне ў той час, калі знікне мая сіла! Абарані Балу і ўсіх нас, бо ўсе мы шчаняты перад табой. Мы як тое сухое галлё пад нагою. Мы — казулі, што адбіліся ад маткі.

Параўнанне грознай пантэры з дзіцём лані рассмяшыла Маўглі; ён зарагатаў, закірхаўся, усхліпнуў, зноў засмяяўся, і нарэшце, каб супакоіцца, кінуўся ў сажалку. Доўга ён плаваў і ныраў пры святле месяца, як жабянё, цёзка яго.

А Хаці і яго тры сыны ўжо разышліся на ўсе чатыры бакі свету і ціха ішлі па далінах і пушчах. Два дні без перапынку, прынамсі міль шэсцьдзесят, прайшлі яны па Джунглях. І кожны іх крок, кожны рух хобата зараз-жа заўважваўся і даваў тэму для гутарак Мангу і Чылю, Малпаваму Племю і ўсім птушкам. Потым яны пачалі пасвіцца і спакойна пасвіліся з тыдзень. Хаці і яго сыны падобныя да Каа, Каменнага Пітона — яны таксама не любяць спяшацца без патрэбы.