Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/177

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ючы людзей направа і налева, альбо забіць пад вечар чалавека за плугам, але такі намер — свядома сцерці з зямлі цэлую вёску — спалохаў нават яе. Цяпер яна зразумела, дзеля чаго Маўглі пасылаў па Хаці. Толькі стары спрактыкаваны слон мог задумаць і правесці такую вайну.

— Хай яны ўцякаюць, як уцяклі людзі з палёў Бхуртпора, пакуль у барознах не застоіцца вада і шум іхніх верацён не зменіцца з шумам дажджу сярод дрэў, пакуль Багіра і я не знойдзем сабе логава ў доме браміна і алені не зробяць вадапою ў сажалцы за храмам. Напусці Джунглі, о Хаці!

— Але... але-ж мы не сварыліся з імі. Толькі ў часе лютай злосці мы можам напасці на месцы, дзе спяць людзі, — з сумненнем казаў Хаці, хістаючыся з боку на бок.

— Ці-ж вы адны жывіцеся травой у Джунглях? Гані сваіх сваякаў. Няхай займуцца гэтай справай алені, вяпры, нільгаі. Вы самі і не паказвайцеся, пакуль палі не аголяцца. Нацкуй Джунглі, Хаці.

— А забойства не будзе? Мае біўні былі чырвоныя ад крыві пры разгроме Бхуртпорскіх палёў і я не хацеў-бы яшчэ раз пачуць гэты пах...

— І я гэтага не хачу. Я не хачу, каб іхнія косці ляжалі на нашай чыстай зямлі. Хай яны шукаюць сабе новае логава. Яны не павінны заставацца тут. Я бачыў і чуў нюхам кроў жанчыны, якая карміла мяне, жанчыны, якую хацелі забіць праз мяне. Толькі пах свежай травы каля іх парогаў заглушыць для