Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/170

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Нічога, апрача добрага. Цяпер вартуй іх да святла, а я пасплю.

Маўглі пабег у лес, кінуўся на зямлю і праспаў увесь наступны дзень і ноч.

Калі ён прачнуўся, то ўбачыў каля сябе Багіру, а побач толькі што забітага аленя. Багіра з цікавасцю паглядала, як Маўглі арудваў нажом, разбіраючы тушу. Ён пад'еў, напіўся і зноў задумаўся, падпёршы рукамі падбародак.

— Чалавек і твая жанчына шчасліва дайшлі да Канхівары — паведаміла Багіра. — Твая Маці перадала прывітанне праз Чыля. Яшчэ да сярэдзіны ночы яны знайшлі каня і хутка даехалі. Што, добра?

— Добра, — адказаў Маўглі.

— А твая Чалавечая Зграя, што засталася ў вёсцы, не паварушылася, пакуль сонца не паднялася высока. Яны вышлі, каб пад'есці, а потым зноў схаваліся ў свае логавы.

— Ці не заўважылі часам яны цябе?

— Магчыма. Я на світанні качалася ў пяску ля ваколіцы, а можа, і ціханька спявала. Ну, Братка, цяперака нам тут няма чаго рабіць. Пойдзем паляваць са мной і Балу. Ён знайшоў новыя вуллі, якія хоча паказаць табе. І ўсе мы паранейшаму сумуем па табе. Не глядзі так на мяне, а то нават мяне бярэ жудасць... Чалавека і жанчыну цяпер ужо не кінуць у Чырвоную Кветку, і ў Джунглях усё добра, — ці не так? Забудземся на Чалавечую Эграю.

— Я забудуся... праз некаторы час. Ці не ведаеш, дзе пасвіцца Хаці сёння ўначы?