Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/167

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

жанчыну з яе мужам і кінуць іх у Чырвоную Кветку. А пастку знойдуць пустую, ха-ха!

— Ну, слухай, — сказала Багіра, — хваляванне ў маёй крыві скончылася. Хай яны знойдуць у хаце мяне! Наўрад ці хто з іх выйдзе з дому пасля таго, як убачыць мяне! Мне не ўпершыню быць у клетцы; не думаю, каб яны адважыліся вязаць мяне вяроўкамі.

— Але-ж сцеражыся! — весела сказаў Маўглі, калі пантэра слізганула ў халупу. — Фу! — зачмыхала Багіра. — Тут усё напоўнена Чалавекам! А вунь і ложак, акурат такі, на якім я ляжала ў каралеўскіх клетках у Удэйпуры, — і Маўглі пачуў, як ложак зарыпаў пад цяжарам вялізнага звера. — Клянуся Зломаным Замком, што вызваліў мяне, ім здаецца, што яны злавілі буйную дзічыну! Пасядзі каля мяне, Братка, мы разам павітаем іх добрым паляваннем.

— Не, у мяне другая справа. Чалавечая Зграя не павінна ведаць, што я прымаю ўдзел у гэтых падзеях. Палюй сама, я не хачу бачыць іх.

— Хай так, — згадзілася Багіра. — А вось і яны ідуць.

Паседжанне пад піпулавым дрэвам рабілася ўсё больш шумным, галасы былі ўжо чутны на другім канцы вёскі. Сход скончыўся дзікім выццём, і ўвесь натоўп мужчын і жанчын кінуўся бегчы па вуліцы, размахваючы кіямі, сярпамі, бамбукамі, нажамі. Бульдэа і брамін былі наперадзе, а натоўп не адставаў ад іх і крычаў:

— Давайце чараўніка і вядзьмарку! Паглядзім, як прымусіць іх прызнацца гарачае жалеза. Паліце ха