Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/160

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

што яны мяркуюць рабіць. Падумайце, куды вам ісці, а калі я вярнуся, скажаце.

Маўглі выскачыў праз акно, зноў пабег па-за хатамі і наблізіўся да натоўпу, які сабраўся вакол дрэва "піпул". Бульдэа ляжаў на зямлі, кашляў і войкаў, а людзі так і сыпалі запытанні. Валасы ў старога раскудлаціліся, рукі і ногі былі абадраныя ад лазання па дрэвах, але ён адчуваў важнасць свайго становішча і пачаў расказваць. Ён казаў пра "д'яблаў, якія спяваюць", пра "чараўніцтва" і калі падышоў ужо да самых падзей, то прыпыніўся і папрасіў вады.

— Ну, балбачы, балбачы! — сказаў сам сабе Маўглі. — Сапраўды, людзі — родныя браты Бандар-Лога. Цяпер ён захацеў памыць рот вадою; а то яму трэба пускаць дым; і толькі прарабіўшы ўсё гэта, ён пачне расказваць сваю аповесць. Ды і розум у гэтых людзей: яны і не думаюць пільнаваць Месуа, пакуль Бульдэа будзе частаваць іх сваёй балбатнёй. Але-ж, здаецца, і я раблюся такім самым нядбалым, як і яны.

Маўглі ўсхапіўся і пабег назад да вязняў. Калі ён нарыхтаваўся ўжо лезьці ў акно, то адчуў, што нехта дакрануўся да яго нагі.

— Маці! — здзівіўся ён, пазнаўшы яе шурпаты язык.

— Што ты тут робіш?

— Я пачула пяянне маіх дзяцей па лясах і пайшла да таго, каго я люблю больш за ўсіх. Жабянё, я хачу зірнуць на жанчыну, якая карміла цябе малаком, — сказала Маці Ваўчыха, мокрая ад расы.

— Яны яе звязалі і збіраюцца загубіць. Я разрэзаў яе путы, і яна пойдзе са сваім мужам у Джунглі.