Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/159

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

за тое, што я люблю цябе ад усяго сэрца. Яны кажуць, што я твая маці — маці д'ябла, і таму падлягаю смерці.

— А што такое д'ябал? — спытаўся Маўглі. — Смерць я ўжо бачыў.

Мужчына пахмура паглядзеў з-пад ілба, а Месуа засмяялася.

— Глядзі! — звярнулася яна да мужа. — Я-ж ведала, я-ж казала, што ён не чараўнік. Ён сын, ён мой сын!

— Сын ці чараўнік, а нам ад гэтага не лепей, — адказаў мужчына. — Мы ўсёроўна павінны загінуць!

— Вунь дарога праз Джунглі! — і Маўглі паказаў у акно. — Рукі і ногі вашы вольныя — ідзіце!

— Мы не ведаем Джунгляў так... так, як ты іх ведаеш, — пачала Месуа. — Не думаю, каб у мяне хапіла моцы доўга ісці...

— А людзі пагоняцца за намі і прывалакуць назад, — дадаў муж.

— Гм... — задумаўся Маўглі, скробаючы далонь кончыкам нажа. — Пакуль што я не хацеў-бы рабіць шкоды каму-небудзь з гэтай вёскі. Але не думаю, каб яны маглі затрымаць вас. Праз некаторы час ім прыдзецца думаць зусім аб іншым. Ага! — Маўглі падняў галаву і прыслухаўся да крыку і тупату, які чуўся на вуліцы. — Значыцца Бульдэа ўсё-ж такі вярнуўся!

— Яго паслалі сёння раніцою забіць цябе! — сказала Месуа.

— Ці ты сустрэў яго?

— Так, мы... я спаткаў яго. У яго ёсць пра што расказаць. А пакуль ён будзе расказваць, мы паспеем шмат чаго зрабіць. Але я хачу спачатку даведацца,