Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/161

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Я буду праваджаць іх. Хоць я і старая, але яшчэ не бяззубая.

Маці Ваўчыха стала на заднія ногі і глянула праз акно ў цёмную хату. Праз хвіліну яна апусцілася і ціха прамовіла.

— Я першая карміла цябе малаком. Але праўду казала Багіра: Чалавек нарэшце ўсё-ж такі ідзе да Чалавека...

— Магчыма, — прамовіў Маўглі з выразным незадавальненнем, — але ў гэтую ноч я вельмі далёка ад гэтага следу. Пачакай тут, але глядзі, каб яна цябе не заўважыла!

— Мяне ты ніколі ні баяўся, Жабянё! — сказала Маці Ваўчыха і схавалася ў высокай траве.

— Ну! — весела сказаў Маўглі, улезшы ў хату. — Яны ўсе сабраліся вакол Бульдэа, які расказвае розныя байкі. Калі ён скончыць апавяданне, яны хочуць прыйсці сюды з Чырвонай... з агнём, каб спаліць вас абодвух. Што скажаш?

— Я гаварыла з мужам, — адказала Месуа. — Да Канхівары адсюль трыццаць міль, у Канхівары мы можам знайсці ангельцаў.

— А з якой яны Зграі? — пацікавіўся Маўглі.

— Не ведаю, яны белыя. Кажуць, яны кіруюць усёй краінай і не дазваляюць людзям паліць ці забіваць адзін аднаго без сведкаў. Калі мы дабярэмся туды за ноч, мы выратаваныя. Калі не, дык загінем.

— Можаце ісці спакойна: аніводзін чалавек не выйдзе сёння за ваколіцу. Але што ён робіць?

Муж Месуа прысеў на карачкі, і капаўся ў зямлі ў куту хаты.