Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Даць прытулак?! — прамовіла яна. Ён прыйшоў уначы адзін, голы, галодны, але ён не баяўся. Глядзі, ён ужо адапхнуў аднаго з маіх дзяцей у бок. Гэты кульгавы мяснік забіў-бы яго і ўцёк на Вайнгунгу, а потым тутэйшыя пасяленцы разбурылі-б за гэта ўсе нашы прытулкі! Даць яму прытулак? Вядома, я прытулю яго. Ляжы ціха, Жабянё! О, Маўглі — бо Маўглі-Жабянё буду я называць цябе, — прыйдзе час, калі ты будзеш паляваць на Шэр-Хана, як Шэр-Хан паляваў на цябе.

— Але што скажа наша Зграя? — прамовіў Бацька Воўк. Закон Джунгляў вельмі выразна кажа, што кожны воўк, калі ажэніцца, можа выйсці з Зграі, да якой ён належыць. Але як толькі яго шчаняты падрастуць настолькі, каб трымацца на нагах, ён павінен прадставіць іх у Племянную Раду, якая збіраецца раз у месяц, на поўнік (поўны месяц на небе), каб усе ваўкі маглі-б азнаёміцца з дзіцём. Пасля агляду шчаняты могуць бегаць, дзе хочуць, а пакуль яны не заб'юць свайго першага аленя, ніякаму даросламу ваўку Зграі не даруецца, калі ён заб'е аднаго з іх. Забойца караецца смерцю на тым самым месцы, дзе яго знойдуць.

Бацька Воўк пачакаў, пакуль яго шчаняты пачалі бегаць, і ўноч Племянной Рады павёў іх усіх, Маўглі і Маці Ваўчыху, на Скалу Рады — камяністы ўзгорак, дзе магло размясціцца да сотні ваўкоў.

Акела, вялізны сівы Адзінокі Воўк, які кіраваў Зграяй сваёй дужасцю і розумам, ляжаў на скале, выцягнуўшыся на ўсю даўжыню. Ніжэй сядзела сорак ці больш ваўкоў усякага выгляду і росту, ад сівых