Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

перад; вочы яе гарэлі ў цемры, як два зялёныя ліхтары і ўтаропіліся ў палаючыя вочы Шэр-Хана.

— А гэта я, Ракша ("Д'ябал"), адказваю табе! Чалавечае Дзіцянё маё, — чуеш, Ленгры — маё і толькі маё! Яно не будзе забіта! Яно застанецца жывое, будзе бегаць і паляваць разам з усёю Зграяй. А нарэшце — сцеражыся ты, паляўнік на голых дзяцей, пажыральнік жаб і рыб! — ён будзе паляваць на цябе! А цяпер ідзі прэч, а то, клянуся Самбгурам, якога я забіла (я-ж не ем хатняй скаціны), ты пойдзеш да сваіх, смалены пёс Джунгляў, больш кульгавы, як з'явіўся на свет. Прэч адсюль!

Бацька Воўк здзіўлена пазіраў на яе.

Ён паспеў ужо забыцца на тыя часы, калі адваяваў Маці Ваўчыху ў жорсткай сутычцы з пяцьма іншымі ваўкамі, калі яна бегала ў Зграі, і яе толькі з далікатнасці не называлі ў вочы Д'яблам. Шэр-Хан мог-бы яшчэ падужацца з Бацькам Ваўком, але не ўстаяў-бы супроць Ваўчыхі, бо бачыў усе перавагі яе пазіцыі і ведаў, што яна будзе біцца на смерць. Таму ён з рыканнем адступіў ад пячоры і, крыху адышоўшы, крыкнуў:

— На сваім двары і сабака пан! Паглядзім, што скажа Зграя на такую абарону чалавечага дзіцяці. Дзіцянё — маё, і раней ці пазней яно трапіць мне на зубы, густахвостыя злодзеі!

Маці Ваўчыха, ледзь дыхаючы, кінулася вобземлю сярод сваіх дзяцей. Бацька Воўк паважна сказаў ёй:

— Шэр-Хан сказаў праўду. Дзіцянё трэба паказаць Зграі. Дасі яму прытулак, Маці?