Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/157

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

людзей яшчэ не пазбавіў яго сілы. Адна толька думка была ў яго — вызваліць Месуа і яе мужа з пасткі, якая-б яна ні была; ён адчуваў варожасць і агіду да ўсялякіх пастак. А пасля таго ён парашыў паквітацца з усёй вёскай.

Находзіў змрок, калі ён вышаў на знаёмую яму пашу і ўбачыў дакавае дрэва, дзе чакаў яго Шэры Брат перад забойствам Шэр-Хана. Хоць і вельмі злаваў Маўглі на ўсё чалавечае племя, але, убачыўшы вясковыя стрэхі, ён адчуў, нібы нешта сціснула грудзі і заказытала ў горле. Ён заўважыў, што сёння сяляне вярнуліся з поля раней, як звычайна, і заместа таго, каб рыхтаваць сабе вячэру, сабраліся натоўпам пад грамадскім дрэвам, балакалі і крычалі.

— Людзі абавязкова павінны ставіць пасткі адзін аднаму, а то без гэтага яны ніяк не могуць супакоіцца, — сказаў сам сабе Маўглі. — Дзве ночы назад славілі Маўглі — хоць мне здаецца, што з той ночы мінула многа дажджоў! — сёння ўжо Месуа і яе мужа, а заўтра ці праз некалькі начэй зноў прыйдзе чарга Маўглі...

Маўглі прайшоў па-за хатамі, падкраўся да халупы Месуа і зірнуў у акно. На падлозе ляжала Месуа са звязанымі рукамі і нагамі. Рот яе быў заткнуты, яна цяжка дыхала і енчыла. Муж яе быў прывязаны да размалёванага ложку. Дзверы, якія выходзілі на вуліцу, былі шчыльна зачынены, і каля іх сядзела тры ці чатыры чалавекі.

Маўглі добра ведаў звычкі сялян. Ён разважаў, што пакуль яны ядуць, балбочуць ды кураць, яны нічога не будуць рабіць, але як толькі наядуцца, то