Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/153

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

лаву схадзіць у вёску і зірнуць на страшную вядзьмарку. Бульдэа абвясціў, што хоць ён мае даручэнне забіць перавертня, але не можа дапусціць, каб бяззбройныя людзі адны ішлі па Джунглях, дзе кожную хвіліну можа з'явіцца Воўк-Пераверацень. Бульдэа праводзіць іх, і калі з'явіцца сын чараўніка — ого! ён пакажа ім, як распраўляецца з чараўніком лепшы паляўнічы ў горах Сіанійскіх! Апрача таго, брамін даў яму амулет супроць гэтага стварэння.

— Што ён гаворыць? Што ён гаворыць? Што ён гаворыць — безупынна пыталіся ваўкі, і Маўглі перакладваў ім словы Бульдэа, пакуль не дайшоў да апавядання пра вядзьмарку. Тут ён і сам не зразумеў, у чым справа, ён толькі сказаў ваўкам, што жанчыну і мужчыну, якія далі прытулак Маўглі, — засадзілі ў пастку.

— Ці-ж людзі ловяць людзей? — здзівіўся Шэры Брат.

— Так ён кажа. Я не зусім добра разумею яго словы. Яны ўсе звар'яцелі! Не разумею, якое дачыненне Месуа і яе муж маюць да мяне, каб садзіць іх у пастку, і да чаго ўся гэтая гутарка пра Чырвоную Кветку. Трэба даведацца, у чым справа! У кожным разе да прыходу Бульдэа яны нічога не зробяць Месуа і значыцца... — Маўглі задумаўся, барабанячы пальцамі па сваім нажы, а тымчасам Бульдэа і вугольшчыкі адзін за адным адважна рушыліся па сцежцы.

— Я бягу да Чалавечай Зграі! — прамовіў, нарэшце, Маўглі.

— А што рабіць з гэтымі? — спытаўся Шэры Брат, утаропіўшы квапныя вочы ў бурыя спіны вугольшчыкаў.