Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/151

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Маўглі пераклаў:

— Ён кажа, што, мусіць, зграі ваўкоў скакалі вакол мяне. Ён кажа, што ніколі ў жыцці не бачыў такога следу! Ён кажа, што змарыўся ўжо.

— Ён паспее яшчэ і адпачыць, пакуль знойдзе след, насмешліва сказала Багіра. — Ну, а што цяпер робіць гэты заморак?

— Ні то есць, ні то выпускае дым з рота. Людзі часта робяць такую гульню, — адказаў Маўглі.

Звяры з цікавасцю паглядалі, як стары напхаў у люльку тытуну, запаліў і пачаў пыхкаць. Яны добра прыкмецілі пах тытуну, каб потым, калі трэба будзе, пазнаць Бульдэа хоць у самую цёмную ноч.

На сцежку вышла група вугольшчыкаў. Вядома, яны спыніліся, каб пагутарыць з Бульдэа, славутым паляўніком, якога ўсе ведалі прынамсі на дваццаць міль навакол. Паселі вакол яго, таксама запалілі люлькі.

Звяры пасунуліся бліжэй, каб лепш прыгледзецца да людзей. Бульдэа пачаў расказваць з пачатку да канца гісторыю пра Маўглі-перавертня, не шкадуючы выдумак. Ён расказаў, як ён забіў Шэр-Хана, як Маўглі перавярнуўся ў воўка і біўся з ім да самага вечара, а потым зноў перавярнуўся ў хлопчыка і зачараваў стрэльбу Бульдэа; куля абышла вакол Маўглі, у якога ён цаляў, і трапіла ў аднаго з буйвалаў Бульдэа.