Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ад гэтага сляды Маўглі моцна ўціскаліся ў зямлю. А тут яшчэ Акела і Шэры Брат беглі за ім — і такім чынам сляды ад іх усіх засталіся вельмі выразнымі.

Цяпер Бульдэа дайшоў да таго месца, дзе Акела, як вам вядома, вярнуўся назад і заблытаў сляды. Тут Бульдэа сеў, закашляўся, пачаў бурчэць і азірацца, шукаючы следу, а тымчасам ён лёгка мог трапіць каменем у тых звяроў, якіх ён шукаў і якія цяпер назіралі яго. Няма звера, які так падкрадваецца, як воўк, калі ён не жадае, каб яго пачулі. Нават Маўглі пасоўваўся як цень, хоць ваўкі яго лічылі вельмі нязграбным.

Яны атачылі старога, як дэльфіны параход у моры, і разам з тым бясклопатна балбаталі паміж сабой, бо мова жывёл ідзе ў тых нізкіх тонах гамы, якія не ўспрымаюцца чалавечым вухам (а Манг-Упыр, птушкі, кажаны і казюлькі, наадварот, — размаўляюць у самых высокіх тонах, але зноў-жа за той мяжой, за якой чалавечае вуха не ўспрымае гукаў).

— Гэта нават будзе цікавей, як забіваць яго, — сказаў Шэры Брат, пазіраючы, як Бульдэа пнуўся знайсці след і злосна мармытаў. — Ён падобны да свінні, якая заблукалася ў Джунглях ля ракі. Але што ён гавора?