Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/149

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ваўкі неахвотна паднялі галовы і ўсё імкнуліся глядзець міма. Але Маўглі настойліва гукаў іх і пільна глядзеў ім у вочы. Нарэшце поўсць іх узнялася дыбам, і па ўсім целе пайшлі дрыжыкі.

— Ну? — прамовіў Маўглі. — Хто з нас пяцёрых правадыр?

— Ты нас вядзеш, Братка! — адказаў Шэры Брат і пачаў лізаць Маўглі ногі.

— Калі так, ідзіце за мной! — скамандваў Маўглі і чатыры Воўкі, апусціўшы хвасты, пакорна пайшлі за ім.

— Вось што знача пажыць у Чалавечай Зграі! — прамовіла Багіра, шкандыбачы ўслед. — Цяпер у Джунглях пануе не адзін толькі Закон Джунгляў, Балу.

Стары мядзведзь нічога не адказаў, але падумаў шмат аб чым.

Калі вы памятаеце, Маўглі пакінуў вёску з цяжкай ношай, са свежай скурай Шэр-Хана на плячах.