Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Шэр-Хан ускочыў у вогнішча дрывасека, як ужо заўважыў Бацька Воўк; боль у абсмаленых нагах прыводзіў яго ў лютасць.

Але Бацька Воўк ведаў, што шчыліна пячоры занадта вузкая для тыгра і што ён не пралезе.

— Воўк — вольны народ! — сказаў Бацька Воўк. — Яны прымаюць загады ад Правадыра Зграі, а не ад якога-небудзь там паласатага скатабоя. Чалавечае Дзіцянё наша, і мы яго заб'ём, калі захочам.

— Захочаце ці не захочаце? Гэта што за гутарка? Клянуся быком, якога я забіў, што я доўга не буду чакаць тут, утыркнуўшы нос у ваша сабачае логава. Чакаць таго, што належыць мне па праву? Гэта я, Шэр-Хан, гавару з вамі!

Грамовы рык тыгра страсануў пячору. Маці Ваўчыха адштурхнула ад сябе ваўчанят і скокнула на