Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/148

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Куды ідзеце без загаду? — гукнуў Маўглі.

— Ш... шш!.. Мы прыкоцім табе яго чэрап яшчэ да поўдня, — адказаў Шэры Брат.

— Назад! Назад і чакайце загаду! Чалавек не есць Чалавека! — закрычаў Маўглі.

— А хто гэта нядаўна абвясціў сябе ваўком?

— Хто запусціў у мяне нажом, калі я выказаў думку, што ён — Чалавек? — дадаў Акела.

Тымчасам чацвёра ваўчанят з неахвотай вараціліся вазад і прыселі на карачкі.

— Ці не хочаце вы, каб я даваў вам справаздачу ў сваіх учынках? — крыкнуў раз'юшаны Маўглі.

— Вось гэта Чалавек! Гэта гаворыць Чалавек! — прамармытала Багіра. — Якраз так казалі людзі каля клетак у Удэйпуры. Мы, жыхары Джунгляў, ведаем, што чалавек — разумнейшае стварэнне. А каб мы даверыліся свайму розуму — ён здаўся-б нам дурнейшым ад усіх. — Потым голасна пантэра абвясціла: — Чалавечае Дзіцянё мае рацыю. Людзі палююць зграямі. Калі заб'ем аднаго з іх, не ведаючы, што надумаліся рабіць іншыя — гэта будзе дрэннае паляванне. Давайце лепш разведаем, што думае рабіць гэты чалавек.

— Мы не пойдзем! — буркнуў Шэры Брат. — Палюй адзін, Братка. Сваю справу мы ведаем — чэрап ужо цяпер быў-бы ля тваіх ног...

Грудзі Маўглі закалыхаліся, вочы яго напоўніліся слязьмі. Ён паглядзеў на кожнага з сваіх прыяцеляў паасобку, ступіў наперад і стаў на адно калена.

— Значыцца, я не ведаю сваёй справы? — прамовіў ён. — Паглядзіце на мяне!