Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/147

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ваючы нос у похву, — кажы пра Чалавечую Зграю і пра Маўглі паасобна, а не разам!

— Фррр... Гэта будзе крыху вастрэй за зуб! — заўважыў Акела, абнюхваючы след ад нажа. — Але ты папсаваў свае вочы, жывучы ў Чалавечай Зграі, Браток. Пакуль ты размахваўся, я паспеў-бы забіць аленя.

Раптам Багіра ўсхапілася на ногі, выцягнула шыю, порскнула і замерла на месцы. Шэры Брат таксама ўсхапіўся і пасунуўся крыху налева, каб схапіць вецер, што дзьмуў справа, а Акела дык нават праскакаў метраў з дваццаць насустрач ветру і там спыніўся, натапырыўшыся.

Маўглі з зайздрасцю глядзеў на іх. Нюх у яго быў вастрэйшы за ўсіх людзей, але такога нюху, які мелі жыхары Джунгляў, Маўглі ніяк не мог развіць у сабе, а за тры месяцы жыцця ў дымнай вёсцы ён яшчэ больш адстаў ад сваіх таварышоў.

— Чалавек! — рыкнуў Акела, прысеўшы на заднія лапы.

— Бульдэа! — дадаў Маўглі, — сядаючы на сваё месца. — Ён ідзе па нашых слядах. А вунь і сонейка зіхаціць на ягонай стрэльбе. Глядзіце!

Водблеск сонца на нязначную долю секунды затрымаўся на мядзянай клямцы старога мушкета, але ў Джунглях і гэтага бывае досыць, каб распазнаць рэчы.

— Я ведаў, што людзі прыйдуць па цябе! — прамовіў Акела. — Нездарма-ж я быў правадыром Зграі!

Чацвёра братоў Маўглі не сказалі ні слова, але папаўзлі з гары на жываце, цалкам хаваючыся ў шыпшынніку.