Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Годзе, годзе, Ракша! — прамовіў Бацька Воўк. — Наша Жабянё вярнулася, ды такім мудрым, што і ўласнаму бацьку не сорамна лізаць яму ногі. Што за бяда, калі ў яго на галаве застанецца адзін-другі шрам? А Чалавека ты не чапай!

Маўглі прытуліўся галавой да Маткі Ваўчыхі, самазадаволена ўсміхнуўся і абвясціў, што з свайго боку ён не мае аніякай ахвоты другі раз бачыць, чуць ці адчуваць пах Чалавека.

Але Акела, натапырыўшы вуха, сказаў:

— А што, калі людзі так не пакінуць цябе, Братка?

— Ды нас жа-ж пяцёра! — сказаў Шэры Брат, зірнуўшы на кампанію і ляснуўшы зубамі.

— Ды і мы не супроць такога палявання, — дадала Багіра, крутнуўшы хвастом і зірнуўшы на Балу. — Але чаму ты ўспомніў пра Чалавека акурат цяпер, Акела?

— Вось чаму, — адказаў Адзінокі Воўк. — Пасля таго як скуру гэтага жоўтага злодзея расклалі на Скале, я пабег па нашых слядах к вёсцы. Па дарозе я заварочваў у бакі, клаўся і ўсяляк стараўся заблытаць сляды на той выпадак, калі людзі надумаюцца праследваць нас. І вось, калі я ўжо заблытаў сляды так, што і самому цяжка было разабраць, — уверсе мільгануў Упыр-Манг і спыніўся над маёй галавой: "Слухай, — сказаў ён мне. — Вёска Чалавечай Зграі, выгнаўшы Чалавечае Дзіцянё, гудзе, як гняздо шаршанёў".

— Так, я кінуў туды добры каменьчык! — засмяяўся Маўглі, успомніўшы, як калісьці забаўляўся,