Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

адзін. Чацвёра-ж дзяцей Бацькі і Маткі Ваўкоў заявілі, што яны жадаюць паляваць разам з Маўглі.

Але не так лёгка адразу змяніць звыклае жыццё, асабліва ў Джунглях. Пасля таго, як Зграя Ваўкоў паразыходзілася хто куды, Маўглі пайшоў у родную пячору і праспаў цэлыя суткі. Потым ён расказаў Бацьку Ваўку і Матцы Ваўчысе ўсё, што яны маглі зразумець пра яго прыгоды сярод людзей. А калі ён пакруціў ў руках свой нож, Ваўкі пераканаліся, што ён сапраўды сяму-таму навучыўся. Потым і Акела з Шэрым Братам павінны былі расказаць пра свой удзел у паляванні на Шэр-Хана. Балу з-пад гары прывалокся паслухаць расказы, а Багіра толькі чухалася ад задавальнення, слухаючы, як спрытна Маўглі вёў вайну з ворагам.

Сонца даўно ўжо ўзышло, але ніхто не думаў спаць. Маці-Ваўчыха час ад часу ўскідвала галаву і з асалодай сапла, калі ветрык даносіў да яе пах тыгравай скуры, што была разасланая на Скале Рады.

— Але без Акелы і Шэрага Брата, — скончыў Маўглі, — я нічога не зрабіў-бы. О, Маці, Маці, варта было-б табе паглядзець на сініх быкоў, як яны кідаліся ў яр, ці прарываліся ў ваколіцу, калі Чалавечая Зграя кідала ў мяне каменнямі!

— Я задаволена, што не бачыла апошняга, — панура адказала Маці Ваўчыха. — Я не прывыкла спакойна глядзець, як маіх дзяцей ганяюць узад і ўперад, нібы шакалаў якіх. Я-б адпомсціла Чалавечай Зграі, але пашкадавала-б жанчыну, якая карміла цябе малаком. Так, толькі яе адну я памілавала-б.