Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/138

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Падлічыце! — крыкнуў Маўглі з пагардай. — Можа я скраў якога-небудзь з іх. Падлічыце, бо я не буду больш служыць у вас за пастуха. Бывайце здаровыя, о, дзеці людзей, і падзякуйце Месуа за тое, што я не ўзяў з сабой ваўкоў і не пашкаматаў вас усіх!

Ён завярнуўся і пайшоў прэч з Адзінокім Ваўком, пазіраючы на зоркі і адчуваючы сябе шчаслівым.

— Больш мне не прыдзецца спаць у пастках, Акела! Возьмем скуру Шэр-Хана і пойдзем. Не, я не хачу крыўдзіць вёску таму, што Месуа была да мяне добрая.

Калі месяц стаў над раўнінай і асвятліў яе малочна-белым святлом, сяляне ўбачылі, як Маўглі з нейкім скруткам на галаве і двума ваўкамі ззаду бяжыць спорным бегам ваўка ў бок Джунгляў. Тады яны яшчэ мацней зазванілі ў званы і затрубілі ў трубы. Месуа плакала, Бульдэа яшчэ больш размалёўваў свае апавяданне пра здарэнне ў Джунглях