Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/139

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і скончыў тым, як Акела нібы ўстаў на заднія лапы і загаварыў пачалавечаму. Месяц ўжо садзіўся, калі Маўглі і абодва ваўкі падышлі да ўзвышша Рады і спыніліся ў пячоры Маткі Ваўчыхі.

— Яны прагналі мяне з Чалавечай Зграі, Маці! — закрычаў Маўглі. — Але я выканаў свае слова і з'явіўся са скурай Шэр-Хана!

Маці Ваўчыха паціханьку выбралася з пячоры са сваімі ваўчанятамі, і вочы яе загарэліся, калі яна ўбачыла скуру.

— Я сказала яму ў той дзень, калі ён паляваў на цябе, о, Жабянё, і сунуў сваю галаву і плячо ў гэтую пячору, — я сказала яму, што паляўнік сам зробіцца тым, за кім палюе. Добра зроблена!

— Добра зроблена, Братка! — пачуўся і голас з пушчы. — Мы адчувалі сябе такімі самотнымі ў Джунглях без цябе. І Багіра падбегла да голых ног Маўглі.

Усе яны ўзышлі на Скалу Рады. Маўглі разаслаў скуру на плоскім каменні, дзе звычайна сядзеў Акела, і нават прымацаваў яе чатырма бамбукавымі калкамі. Акела разлёгся на скуры і выдаў старадаўні кліч Рады:

— Глядзіце, добра глядзіце, о Ваўкі! — акурат таксама, як тады, калі Маўглі ў першы раз прынеслі на Раду.

З таго часу, калі Акелу скінулі з пасады, Зграя засталася без правадыра і дзейнічала самастойна. Некаторыя з іх акалечыліся ў пастках, другія кульгалі ад ран на назе, трэція ашалудзівелі ад дрэннага харчавання, і шмат загінула. Але ўсе, хто засталіся, з'явіліся цяпер на Скалу Рады і ўбачылі паласатую скуру Шэр-Хана і яго вялізныя кіпці, якія целяпаліся на пустых лапах.