Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/137

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Зноў? — прамовіў Маўглі. — Мінулы раз мяне прагналі за тое, што я — чалавек, цяпер за тое, што я — воўк. Пойдзем, Акела!

Раптам жанчына — гэта была Месуа — кінулася да Маўглі з крыкамі:

— О, сын мой, сын мой! Яны кажуць, што ты чараўнік, які можа зрабіцца зверам. Я не даю гэтаму веры, але ідзі, ідзі адсюль, бо яны заб'юць цябе! Бульдэа кажа, што ты — чараўнік. Але я ведаю, што ты адпомсціў за смерць Нату!

— Назад, Месуа — зароў натоўп. — Назад, а то мы заб'ем цябе каменнямі!

Маўглі ні то крыкнуў, ні то засмяяўся — гэта камень трапіў яму ў рот...

— Бяжы назад, Месуа! Гэта адна з тых бязглуздых казак, якія расказваюць пад вялікім дрэвам у вячэрнім змроку. Я прынамсі адплаціў за смерць твайго сына! Бяжы хутчэй, бо я пушчу статак шпарчэй за іхнія кавалкі цэглы. Я не чараўнік, Месуа. Бывай! А ну, Акела, яшчэ разок пусці статак!

Буйвалы і без таго імкнуліся дахаты, а калі яшчэ Акела настрашыў іх, дык яны рынуліся ў вёску, як гураган, раскідаючы натоўп ва ўсе бакі.